З верай у сэрцах

Швыроў А.І. (Магілёў, Беларусь)

Да 1917 года на тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці дзейнічала 16 рымска-каталіцкіх касцёлаў, у якіх неслі службу 16 ксёндзаў. Найбольш буйнымі цэнтрамі каталіцтва ў рэгіёне былі Магілёў, Бабруйск, Мсціслаў, Асіповічы, Шклоў, вёска Фашчаўка Шклоўскага района. Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, а потым узнікненне бальшавіцкай дзяржавы, абвясціўшай барацьбу з рэлігіяй – усё гэта прывяло да рэзкага скарачэння колькасці каталіцкіх касцёлаў і святароў (да 1929 года іх стала 8 і 5 адпаведна). Пасля некалькіх хваль сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў, у Магілёўскай вобласці не засталося ні аднаго дзеючага касцёла.

У гады Другой сусветнай вайны германскія ўлады не забаранялі рэлігійную актыўнасць мясцовага насельніцтва на акупаваных савецкіх тэрыторыях. Гэта дазволіла самаарганізавацца, у тым ліку і некалькім, найбольш буйным, каталіцкім суполкам. У выніку па завяршэнні вайны ў вобласці фактычна іх дзейнічала 4: у Магілёве, Бабруйску, Мсціславе і Фашчаўцы. Дакументы, звязаныя з дзейнасцю гэтых рэлігійных груп, захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці ў фондзе ўпаўнаважанага па справах рэлігійных культаў. Праца з гэтымі крыніцамі дазваляе больш падрабязна вывучыць асаблівасці каталіцкага рэлігійнага жыцця ў рэгіёне ў другой палове 1940-х – 1980-я гады.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску быў закладзены ў 1903 годзе на месцы згарэлага годам раней драўлянага храма. Будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам ксёндза Яна Красоўскага на ахвяраванні веруючых бабруйскай парафіі і скончылася ў 1906 годзе.

Да 1928 года набажэнствы ў касцёле праводзіў ксёндз Красоўскі, а пасля яго смерці пастырскія паўнамоцтвы прыняў Францішак Томашавіч Вылежынскі (1879-1946). Ён выконваў свае абавязкі аж да арышта ў 1937 годзе. Пасля чаго касцёл зачынілі, а будынак пачалі выкарыстоўваць у якасці зернасховішча. У гады вайны ў касцёле зноў узнавіліся набажэнствы – вячэрнюю імшу для каталікоў акупаванага Бабруйска праводзіў ксёндз Вылежынскі. Па словах веруючых ён працягваў служыць у касцёле і пасля вызвалення горада Чырвонай Арміяй. У 1944 годзе, з ухвалення Віленскага архібіскупа, утварыўся новы касцёльны камітэт і рэвізійная камісія, пад старшынствам

Ю.Л. Слязь. А пасля смерці Францішка Вылежынскага, у 1946 годзе, будынак касцёла перадалі “у часовае карыстанне” бабруйскаму краязнаўчаму музею “без права капітальнай перабудовы”. Віленскі архібіскуп не прызначыў новага ксёндза ў Бабруйск, аднак веруючыя працягвалі самастойна збірацца для сумесных малітваў – у вялікія гадавыя святы на прыватных кватэрах або гарадскіх могілках.

Такім чынам, да 1949 года (завяршэнне рэгістрацыі рэлігійных груп) у Магілёўскай вобласці так і не з’явіліся афіцыйна дзеючыя касцёлы і ксёндзы. Рэлігійная дзейнасць каталікоў актывізуецца з 1954 года, што тлумачыцца як зменай агульнай палітычнай атмасферы ў краіне, так і амнісціраваннем рэпрэсаваных раней святароў. Так, у чэрвені 1954 года з ссылкі вярнуўся Мечыслаў Малыніч (1888-1969) – нястомны распаўсюднік каталіцтва ва Ўсходняй Беларусі. Ён пасяліўся ў Слуцку, і, не атрымаўшы дазволу ад уладаў, пачаў тайна выконваць абавязкі ксёндза. Ён адпраўляў набажэнствы, хрысціў і вянчаў не толькі ў Слуцку, але і ў гарадах Магілёўскай вобласці. Дзякуючы яму адрадзіліся каталіцкія суполкі ў Магілёве, Бабруйску, Асіповічах, Мсціславе.

Веруючыя пачалі актыўна звяртацца з просьбамі аб рэгістрацыі суполак, адкрыцці касцёлаў. На пачатку 1955 года да ўпаўнаважанага звярнуліся прадстаўнікі бабруйскіх каталікоў з просьбай аб рэгістрацыі таварыства і перадачы ёй будынка былога гарадскога касцёла. Пасля, да гэтага хадайніцтва далучыліся веруючыя з навакольных вёсак Продвіна, Даманава і Сяліба. Увогуле было сабрана больш за 200 подпісаў. У якасці ксёндза планавалася запрасіць Мечыслава Малыніча, які прыязджаў у Бабруйск і даў на гэта сваю згоду. Усяго ў горадзе, па падліках упаўнаважанага па рэлігійным культам, пражывала да 500-600 каталікоў, яшчэ каля 150-200 – у вёсках раёна (Міхайлаўка, Даманава, Варатынь, Глуша і інш.). Упаўнаважаны ў сваіх справаздачах прызнаваў, што “становішча аказалася даволі далікатным – з аднаго боку, будынак моцны, умяшчальны, з выдатным аздабленнем, у цэнтры горада. Было б свайго рода вар’яцтвам, адчыніць там малітоўны дом, а не дом культуры. З іншага боку – адпаведныя юрыдычныя падставы для адмовы ў хадайніцтве адсутнічаюць”. Упаўнаважаны Савета па рэлігійных культах выязджаў у Бабруйск для інспекцыі будынка былога касцёла, высветліўшы, што памяшканне фактычна не выкарыстоўвалася з 1953 года, утрымлівалася неахайна, ператварыўшыся ў звалку. Пасля доўгіх разбіральніцтваў, рашэннем Магілёўскага аблвыканкама ад 26 снежня 1955 года будынак перадалі кіраванню санітарнай асветы, адхіліўшы хадайніцтва веруючых.

У адсутнасці касцёла каталікі збіраліся па 15-20 чалавек у прыватных кватэрах і дамах для сумесных малітваў. А для праходжання сакрамэнтаў споведзі, эўхарыстыі і хросту выязджалі ў касцёл пасёлка Чырвонае Мінскай вобласці або ў Вільнюс.

У кастрычніку 1956 года Мечыслаў Малыніч зноў прыязджаў у Магілёўскую вобласць для сустрэч з каталікамі. Пасля таго, як гэта стала вядома, яго выклікаў на асабістую сустрэчу ўпаўнаважаны. На працягу размовы Малыніч заявіў, што “нягледзячы ні на што ён будзе да канца сваіх дзён праводзіць ускладзеную на яго місію па падтрыманню і прапаведванню рэлігіі”. У адказ упаўнаважаны зрабіў “рашучую заўвагу” ксёндзу “больш не паяўляцца ў Магілёве і вобласці”, а ў сваіх справаздачах характаразаваў яго, як “заўзятага, махровага рэакцыянера-ватыканца” і прапаноўваў альбо “зарэгістраваць яго ў адным з касцёлаў заходняй часткі БССР”, альбо “паставіць пытанне аб яго ізаляцыі”. Услед за гэтым у некалькіх гарадскіх і раённых газетах рэспублікі публікуюцца “антырэлігійныя фельетоны”, у якіх Малыніч называецца “утрыманцам” і “ашуканцам”. Такія артыкулы былі не рэдкасцю для таго часу – поўным ходам ішла аб’яўленая М.С. Хрушчовым барацьба з рэлігіяй. Абвясціўшы сваёй мэтай будаўніцтва камунізма, кіраўнік савецкага ўрада паабяцаў у ліку іншага, цалкам вызваліць грамадства ад рэлігійнасці. Акрамя таго, становішча рымска-каталіцкай царквы ў СССР пагаршалася “халоднай вайной”, у якой Ватыкан бачыўся Савецкаму Саюзу адным з ідэалагічных праціўнікаў.

У 1958 годзе знешні выгляд бабруйскага касцёла кардынальна змяніўся – высокая званіца касцёла і, часткова, фасад былі зруйнаваныя. У 1962-1963 гады будынак быў канчаткова рэканструіраваны пад клуб, дабудаваны пяціпавярховы адміністратыўны корпус будаўнічага трэста № 22.

Да 1959 года ўпаўнаважаны ацэньваў колькасць каталікоў у Бабруйску ў 250-300 чалавек, звяртаючы ўвагу, што актыўнай дзейнасці яны не праводзяць і заяў аб рэгістрацыі больш не падаюць. Тым не меньш, ён адзначаў, што горад працягвае наведваць ксёндз Малыніч, сустракаючыся з веруючымі і праводзячы набажэнствы ў прыватных дамах.

Пасля смерці ксёндза Мечыслава Малыніча ў 1969 годзе, у Магілёў і Бабруйск з Вільнюса пачаў прыязджаць ксёндз В.В. Пракопіў. Ён, як і яго папярэднік, наведваў веруючых, не маючы афіцыйнай рэгістрацыі.

У 70-я гады зноў учасціліся звароты бабруйскіх каталікоў да гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх органаў улады. Веруючыя настойвалі на вяртанні ім будынку былога касцёла. У адсутнасці прыдатнага для малітоўных сходаў памяшкання, ім даводзілася збірацца ў прыватных дамах або, у летні час, на гарадскіх могілках. На такіх сустрэчах прысутнічала ад 40 да 100 чалавек. Часам да веруючых прыязджаў ксёндз Пракопіў з Вільнюса, у астатні час яны праводзілі набажэнствы самастойна.

На пачатку 1980-х гадоў, з прычыны адсутнасці памяшкання і рэгістрацыі, бабруйскія каталікі час ад часу наведвалі набажэнствы ў праваслаўнай царкве. Але з-за таго, што праваслаўныя былі вымушаныя збірацца ў невялікім доме, пераабсталяваным пад царкву, месца на ўсіх веруючых не хапала.

З пачаткам “перабудовы” у СССР адбылося ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця. У гэтых умовах рэзка ўзрасла колькасць заяў веруючых з просьбамі аб рэгістрацыі рэлігійных аб’яднанняў. Не выключэннем сталі і каталікі Магілёўскай вобласці.

28 лютага 1989 года рашэннем Магілёўскага аблвыканкама ў Бабруйску было зарэгістравана рэлігійнае аб’яднанне рымска-каталіцкай царквы. Спачатку, для правядзення набажэнстваў, веруючыя выкупілі прыватны дом. А неўзабаве ім быў вернуты будынак былога гарадскога касцёла, які да гэтага займала кіраўніцтва Бабруйскага домабудаўнічага камбіната.

Так завяршыўся адзін з найбольш цяжкіх перыядаў у гісторыі каталіцтва на беларускіх землях. Час, калі зачыняліся касцёлы, святары ахвяравалі за свае перакананні не толькі здароў’ем, але, часцяком, і жыццямі. Шмат у чым дзякуючы глыбокай веры некалькіх пакаленняў каталікоў шматвекавая рэлігійная традыцыя не абарвалася, ўзнавіўшыся, як толькі змянілася гістарычная эпоха.

Аляксей Іванавіч Швыроў,
архівіст аддзела навуковага выкарыстання
дакументаў і інфармацыі
ўстановы “Дзяржаўны архіў
Магілёўскай вобласці”. Т. 31 41 68.

Адрес и режим работы

212030, г. Могилев, ул. Первомайская, д. 71 (Дом Советов).
Пн. — Пт. с 8:00 до 17:00
Перерыв: с 13:00 до 14:00
Посмотреть на карте

Контакты

+375 222 75-05-08 (факс)
+375 222 32-39-43
Email: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. (для корреспонденции, за исключением электронных обращений граждан и юридических лиц)