У жыцці кожнага чалавека ёсць даты, якія асабліва беражліва захоўваюцца ў памяці. Як правіла, гэта асноўныя вехі жыцця: нараджэнне, вяселле і смерць.
На працягу многіх стагоддзяў гэтыя падзеі суправаджаліся абрадамі. За імі гісторыя і лёсы розных пакаленняў. І мы не павінны адказвацца ад іх. Таму ў апошні час загсы шмат увагі адводзяць тым формам заключэння шлюбу, якія дапамагаюць рэалізаваць жаданне маладых людей, якія ўступаюць у шлюб, зрабіць гэту падзею больш яркай, неардынарнай і памятнай.
Згодна з Палажэннем аб парадку забеспячэння органамі, рэгіструючымі акты грамадзянскага стану, дадатковых платных паслуг, звязаных з рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 лістапада 2025 г. № 610, урачыстая рэгістрацыя шлюбу можа праходзіць як у загсе, так і ў іншых знакавых месцах: установах культуры, помніках архітэктуры, гістарычных мясцінах. Гэта дазваляе дакрануцца да багацця беларускай культуры, спрыяе захаванню традыцый.Урачыстыя рэгістрацыі шлюбаў праводзяцца таксама з улікам пажаданняў грамадзян па індывідуальнаму сцэнарыю з выкарыстаннем нацыянальных абрадаў і традыцый беларускага народа.
Аддзел загса Касцюковіцкага райвыканкама імкнецца стварыць урачысты, жыццярадасны абрад заключэння шлюбу, і ў той жа час даць зразумець тым, хто ўступае ў шлюб, што гэта не проста свята ў іх жыцці, але і поўная адказнасць за лёс будучай сям’і.
Каб узмацніць эмацыянальную афарбоўку ўрачыстасці пры рэгістрацыі шлюбу, органы загса імкнуцца выкарыстоўваць традыцыйныя вясельныя абрады і атрыбуты.
З даўніх часоў сімвалам кахання і вернасці з’яўляюцца заручальныя пярсцёнкі. Рытуал абмена імі сімвалізуе яднанне і вернасць. На Касцюкоўшчыне свае пярсцёнкі маладыя знаходзяць у зярнятах пшаніцы, якія сімвалізуюць жыццёвую моц і будучы дабрабыт сям’і.
На рушніку падносяць маладым каравай хлеба і просяць іх злучыць рукі над гэтым хлебам. Так, згодна народнай мудрасці, маладыя рука ў руку прайдуць у міры і згодзе праз усё жыццё.
Здаўна на Магілёўшчыне нашы продкі рабілі сваімі рукамі розныя абярэгі. Такі абярэг — лялька «На шчасце». Лічыцца, што чым даўжэй касу ляльцы сплятуць маладыя, тым больш доўгім будзе іх шлюб.
Наступны этап — гэта сямейны ачаг. Раней, калі нараджаўся чалавек, у дом немаўляці прыносілі агонь жыцця, а калі нараджалася маладая сям’я — прыносілі агонь кахання. Дзве дзяўчыны ў нацыянальных уборах падносяць маладым васковую свечку і прапануюць запаліць агонь свайго кахання, які сімвалізуе цеплыню іх сумеснага жыцця.
У апошнія гады пачалі фарміравацца новыя традыцыі і святы. Кожны год у рэспубліцы адзначаюцца Дзень сям’і, Дзень Маці і Дзень Бацькі. Абавязковай умовай укаранення ў жыццё новых абрадаў з’яўляецца рэгулярнасць іх правядзення, бо толькі так забяспечваецца пераемнасць і асноўная функцыя абрадаў — перадача маладым пакаленням устойлівых духоўных каштоўнасцей і маральна-этычных норм.
Сёння можна гаварыць аб сістэматычнай рабоце ў гэтым кірунку. Так, у аддзеле загса Касцюковіцкага райвыканкама і ў цэнтры моладзі «Юнацтва» штогод праходзяць мерапрыемствы, у рамках якіх адбываецца шанаванне залатых, сярэбраных, жамчужных, ізумрудных, бірузовых і інш. юбіляраў. Сем’ям уручаюцца Ганаровыя акты і сувеніры з выявамі дзяржаўнай сімволікі. Праходзяць акцыі «Павінны нараджацца дзеці» з віншаваннем матуль як у аддзеле загса, так і па месцы нараджэння дзіцяці, канферэнцыі ў школах раёна «Высокае званне быць Бацькам».
Сям’я заўсёды была і ёсць галоўным інстытутам, дзе закладваюцца патрыятычныя пачуцці і свядомасць будучага грамадзяніна. Менавіта ў сям’і ўзнікае цікавасць да культуры, мовы, гісторыі свайго народа, традыцый і звычаяў сваёй дзяржавы, пачынаецца фарміраванне асобы.
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!













