Адразу пасля вызвалення Магілёва ад гітлераўскай акупацыі, у чэрвені 1944 года, паступова пачалося аднаўленне мірнага гарадскога жыцця. Гэта быў няпросты і доўгі працэс. Баявыя дзеянні і палітыка нацысцкіх акупантаў прывялі да значных разбурэнняў гарадской інфраструктуры, рэзкаму скарачэнню колькасці насельніцтва. (1,2)
Першачарговай задачай для жыхароў горада стала неабходнасць яго добраўпарадкавання. Амаль кожны будынак абласнога цэнтра быў у той ці іншай ступені пашкоджаны ў выніку баявых дзеянняў. Работы пачаліся з першых дзён мірнага жыцця (3), але набылі больш значныя масштабы з вясны 1945 года. Магілёўцы працавалі на аднаўленне роднага горада ў свае выходныя дні: вывозілі смецце, збіралі цэглу і рэшткі вайсковай тэхнікі, высаджвалі дрэвы.
Паступова ішло адраджэнне прамысловых і транспартных аб’ектаў. Не абыходзілася і без цяжкасцяў, аб чым таксама сведчаць архіўныя дакументы. Прыкладам можа быць няпростае аднаўленне прамысловага гіганта, «першынца пяцігодкі» — Магілёўскага завода штучнага валакна«. (4) Вялікае значэнне для гарадскога жыцця мела забяспечаннасць харчаваннем, якая ў сваю чаргу залежала ад працы харчовай прамысловасці. Зноў пачыналі сваю работу прадпрыемства, пабудаваныя яшчэ да вайны. (5) Акрамя гэтага разгортваецца будаўніцтва новых прамысловых аб’ектаў. (6)
У першыя месяцы пасля заканчэння акупацыі горада аднавілі сваю дзейнасць і навучальныя ўстановы: дзіцячыя садкі, школы, музычнае вучылішча ім. Рымскага-Корсакава, дашкольнае педвучылішча, Магілёўскі педагагічны і настаўніцкі інстытуты. (7)
Нягледзячы на тое, што вайна яшчэ не скончылася, а жыццё ў вызваленых гарадах было досыць цяжкім, у Магілёве паступова пачало ўзнаўляцца культурнае жыццё. На сцэне гарадскога тэатра рэгулярна даваў спектаклі Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР, мастацкім кіраўніком якога ў той час быў народны артыст БССР Д.А. Арлоў. Прэм’ерамі пачатку 1945 года сталі спектаклі: «Встреча в темноте» па п’есе Ф. Кноррэ, «Замужняя невеста» да 150-годдзя А.С. Грыбаедава, «Три сестры» па п’есе А.П. Чэхава. (8)
Вынікам першых пяці пасляваенных гадоў стала праца 18 прадпрыемстваў, аднаўленне вадаправоднай, тэлефоннай і радыёвяшчальнай сетак. Павялічылася колькасць адукацыйных устаноў, поўнасцю аднавіўся даваенны ўзровень медыцынскага абслугоўвання. Набірала тэмпы жыллёвае будаўніцтва і добраўпарадкаванне месцаў грамадскага карыстання. (9)
Дзякуючы архіўным дакументам можна ўбачыць, якім напружаным і цяжкім быў для жыхароў Магілёва шлях да аднаўлення роднага горада ад разбуральных наступастваў Другой сусветнай вайны.
1. Перакрыжаванне вуліцы Камсамольскай і Ленінскай. 1944 г. (з калекцыі А.Лісоўскага)
2. Панарама г.Магілёва ў раёне магілёўскага медвучыльшча. 1944 г. (з калекцыі А.Лісоўскага).
3. «Информация председателя Горплана тов. Кульбацкого о намеченном плане по разборке разрушенных зданий ....» (ф.44, воп.2, сп.3, арк.1).
4. «О восстановлении фабрики искусственного волокна № 511 в г. Могилеве» (ф.7, воп.1, сп.7, арк.286-287).
5. «О восстановлениии пивоваренного завода» (ф.7, воп.4, сп.53, арк.362).
6. «О строительстве мельничного комбината в гор. Могилеве» (ф.7, воп.1, сп.6, арк.16).
7. Адноўлены будынак педінстытута (газета «За Радзіму» за 1945 год).
8. Група артыстаў каля будынка гарадскога тэатра (газета «За Радзіму» за 1945 год).
9. «Рост городского хозяйства 1946-1950 гг.» (ф.11, воп.5, сп.3, арк.1-5).
Аляксей Іванавіч Швыроў,
архівіст 1 кв. катэгорыі аддзела навуковага
выкарыстання дакументаў і інфармацыі у
становы «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці»